ГЕРЦЫ́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
варысцыйская складкавасць, варыская складкавасць, эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл. Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць ў пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.
Г.У.Зінавенка.
т. 5, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)